Навiны

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі парадаваў слонімцаў!

На сцэне нашага тэатра ў суботу, 26 лістапада, упершыню выступіў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі з Мінска. Аншлаг быў у тэатры на дзіцячым і дарослым спектаклях. Дарослы лёгкі спектакль “Адамавы жарты” быў пастаўлены паводле твораў Францішка Аляхновіча і Леапольда Родзевіча.

Галоўныя героі спектакля – Саўка і Марыся – выдатныя муж і жонка, шмат у чым нагадваюць біблейскіх Адама і Еву. Яны маладыя, прыгожыя і вельмі працавітыя. Жывуць у любові і згодзе, старанна вядуць хатнюю гаспадарку. Але адкуль ні вазьміся да іх заяўляецца Чорт…

У спектаклі гледачы ўбачылі пераплеценне рэальнага і фантастычнага, сапраўднага і карыкатурнага, сучаснага і старажытнага, а таксама пачулі шмат музыкі, пластыкі і, вядома, жартаў.

Дзеткам вельмі спадабаўся спектакль “Таямніца чароўнага календара” па п’есе Міхаіла Варфаламеева. Гэта гісторыя, у якой ёсць месца прыгодам і, самае важнае, цудам. Менавіта ў такое падарожжа РТБД прапанаваў адправіцца самым маленькім тэатралам і іх бацькам.

Героі спектакля – мілыя, кранальныя лялькі, якія, на вялікі жаль і няшчасце, засталіся кінутымі ў адзіноце. Калі дзеці вырастаюць, цацкі становяцца нікому не патрэбныя. Але ж гэтыя лялькі па-ранейшаму любяць сваіх гаспадароў. А зараз вымушаны жыць у жудасным месцы, дзе на кожным кроку іх чакае небяспека – на іх аб’яўлена паляванне. Таямніца, якую захоўвае Чароўны Каляндар, дае шанец на выратаванне. Але ці ўсе гатовыя да Цуду? А што калі аб’яднаць намаганні і разам гэты Цуд стварыць?

У спектаклі была незвычайная колькасць музыкі, харэаграфіі і жывога вакалу.

Вялікі дзякуй калектыву РТБД за цудоўныя пастаноўкі. Мы іх і надалей чакаем да нас у госці.