Навiны

Нараджэнне новага спектакля!

Мастацкі савет нашага тэатра прыняў новы спектакль для дзяцей “Вася Лайдачкiн у краіне Шкодных Звычак”. Аўтар п’есы – беларускі драматург Генадзь Аўласенка. А паставіў спектакль – галоўны рэжысёр нашага тэатра Васіль Сявец. Пастаноўка вельмі актуальная. Яе карысна будзе паглядзець не толькі дзецям, але і дарослым. Спектакль пра хлопчыка Васю. Самы звычайны хлопчык, вось толькі прозвішча ў яго было не зусім звычайнае – Лайдачкін, бо не любіў наш Вася ні вучыцца, ні працаваць, а вось лайдачыць любіў. Ранішнюю зарадку Вася ніколі не рабіў, твар і шыю мыў толькі пад маміным прымусам. А ўжо як не хацеў ён зубы чысціць… Таму і пасябравалі з Васем Лайдачкіным Шкодныя Звычкі. І не проста пасябравалі, а нават да сябе ў госці запрасілі, у краіну Шкодных Звычак. Толькі позна зразумеў Вася, што трапіць у гэтую краіну лёгка, а вось выбрацца з яе не кожнаму пад сілу… А што далей з Васем Лайдачкiным атрымалася – даведаюцца тыя гледачы, якія паглядзяць новы спектакль. Прэм’ера хутка адбудзецца на сцэне нашага тэатра. Сачыце за рэкламай на нашым сайце i на старонках у сацыяльных сетках!