Размер шрифта:aaa
ИзображенияВыключитьВключить
Цвет сайтаaaa
обычная версия сайта

Насустрач юбілею

2020 год для нашага тэатра – юбілейны.  Спаўняецца 30 гадоў, калі загадам Міністэрства культуры ў Слоніме быў адкрыты Слонімскі драматычны тэатр. Юбілейная ўрачыстасць з гэтай нагоды адбудзецца 27 сакавіка на сцэне нашага тэатра. Да гэтай нагоды мы падрыхтавалі серыю гутарак з нашымі акцёрамі. Кожнаму акцёру мы задалі аднолькавыя пытанні, на якія атрымалі іх суб’ектыўныя адказы. Адказы гэтыя розныя, але, дзякуючы ім, чытачы нашага сайта змогуць яшчэ больш бліжэй пазнаёміцца з творчым калектывам тэатра і з кожным артыстам паасобку.

артыст вышэйшай катэгорыі Сяргей Яўменаў.

-Сяргей, як Вы трапілі на працу ў Слонімскі драмтэатр?

-Амаль з дзяцінства я быў зацікаўлены тэатральным рухам у розных яго праявах…  Калі я быў зусім маленькі (гадоў мне было 10 ці 12…) – мы з сябрамі збіралі суседзяў у нас каля хаты і паказвалі ім прыдуманныя сцэнкі з лялькамі і пераапрананнямі… Такі быў своеасаблівы лялечны тэатр на двары… Пазней, у школе, я займаўся ў тэатральным гуртку, удзельнічаў у шматлікіх творчых мерапрыемствах і г.д… Як і шмат дзяцей, у будучым я вельмі хацеў стаць вядомым артыстам… З матуляй не адзін раз прыходзіў у Слонімскі тэатр – спачатку на дзіцячыя казкі, а потым – і на дарослыя спектаклі. І, нягледзячы на тое, што паспрабаваў я пачаць свой ужо дарослы шлях крыху ў іншым напрамку, паступіўшы на юрыдычны факультэт Гродзенскага інстытута, вельмі хутка я зразумеў, што гэта зусім не тое, на што я хацеў бы прыкладаць намаганні і сілы на працягу ўсяго жыцця… І, калі ў снежні 2002 года ў мясцовай газеце я выпадкова ўбачыў аб’яву пра тое, што ў Слонімскі тэатр запрашаюцца хлопцы і дзяўчаты, паспрабаваць сябе ў ролі артыстаў – доўга не думаў! Далей – хатняя падрыхтоўка, чытанне літаратуры і, нарэшце, прагляд маіх здольнасцяў перад мастацкім саветам тэатра. Наколькі я памятаю, нас было тады чалавек пяць ці шэсць жадаючых… Канешне, тое, што я паказваў на сцэне ў той дзень, было вельмі далёка ад таго, што і як трэба паказваць сапраўднаму артысту… Але… У выніку, праз дзень ці два – мне патэлефанаў дырэктар тэатра М.В. Лішык і паведаміў, што я прыняты на працу з выпрабавальным тэрмінам. Потым я даведаўся, што з усіх тых, хто быў на праглядзе – узялі толькі мяне. З таго часу і працую... Ужо больш за 17 гадоў…

-Што найбольш запомнілася за гэты час Вашай працы ў тэатры?

-Я б не сказаў, што за гэтыя гады адбылося нешта такое, што ўразіла мяне ці запомнілася больш за ўсё… Хутчэй скажу так, што амаль кожны дзень я сустракаюся з сапраўды таленавітымі людзьмі, маімі калегамі, бачу іх працу, бачу іх адданасць прафесіі… Што цікава, я да гэтай пары часта лаўлю сябе на думцы, што і ў час спектакляў, і ў час рэпетыцый, ці стаю за кулісамі, ці побач на сцэне і захапляюся тым, што бачу. Не думаю, што  кожнаму і ў кожнай прафесіі можа так пашанцаваць.

-Вашы любімыя сыграныя ролі на сцэне нашага тэатра? Чаму менавіта яны?

-Калі браць дзіцячыя спектаклі,  то вельмі мне даспадобы роля Ваўка ў казцы “Залатое кураня” У.Арлова. Перш за усё тым, што сама гісторыя ў гэтым спектаклі блізкая мне, як чалавеку. Я не першы з артыстаў, хто іграў гэтую ролю менавіта ў названай казцы, але спадзяюся, што Воўк у мяне атрымаўся “свой”. Па-другое, тое, што побач са мной на сцэне працуюць артысты, якія разумеюць цябе, падтрымліваюць і падзяляюць твае думкі – іграе вельмі важную ролю для стварэння вобразаў тваіх сцэнічных герояў.

Яшчэ магу адзначыць казку “Мымраня” В.Афоніна і мяне ў вобразе “таты Мымра”. Прычыны – амаль тыя ж…

Калі ж звярнуцца да пастановак для дарослых гледачоў, то адзначу сваю працу ў спектаклі “Свабодны шлюб” Д.Фо і Ф.Рамэ. Роля інжынера Мамбрэцці.

Таксама спадзяюся, што і вобраз Германа Л’юіса ў спектаклі “Тустэп на фоне чамаданаў” Р.Баэра ў мяне атрымаўся нядрэнным, бо і саму працу над ім і працу ў час спектакляў, я вельмі люблю. Чаму? Думаю, што тут галоўным для мяне было знайсці нешта новае для сябе, тое, што я, як чалавек, ці яшчэ не перажыў, ці ніколі не змагу зрабіць у сапраўдным жыцці. І вось гэтыя “пераломы” сябе ў прапанаваных абставінах і з’яўляюцца той прычынай ,чаму я называю гэтая ролі любімымі.

      

-Чым Вы хацелі б асабіста здзівіць нашых гледачоў, якія ролі марыце сыграць?

-Я думаю, што здзівіць нашых гледачоў, хутчэй за ўсё, я хацеў бы якой-небудзь новай цікавай і для меня, і для гледачоў роллю! Каб (а гэта бывае ў нас неаднойчы) людзі, пабачыўшы спектакль, прыходзілі на яго зноў і зноў, кожны раз знаходзячы нешта новае і цікавае для сябе.  А што датычыць другой часткі пытання, баюся, што не змагу на яго адказаць, бо магу шчыра запэўніць, што не мару і ніколі не марыў пра якую-небудзь асаблівую ролю…  Можа гэтая думка яшчэ і з’явіцца з часам, не магу сказаць… Але на дадзены момант для мяне няма такіх ідэалаў…

-Што Вы асабіста думаеце пра наш беларускі тэатр наогул? Якія спектаклі апошнім часам Вы глядзелі іншых тэатраў Беларусі? Чаго сёння не хапае дзяржаўным тэатрам Беларусі?

-На жаль, ці на шчасце, праца ў нашам тэатры пакідае вельмі мала вольнага часу і выехаць куды-небудзь у другі горад  – амаль немагчыма… Вельмі даўно я хадзіў на спектаклі Моладзёвага тэтра ў Мінску, некалькі разоў наведваў тэатр імя Горкага… На гэты час, адзіным глытком свежага паветра з’яўляюцца абменныя гастролі, калі менавіта на нашай сцэне мы можам пабачыць спектаклі тэатраў з іншых гарадоў. За апошнія гады мы з задавальненнем паглядзелі спектаклі Мінскага абласнога драматычнага тэатра і Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра.

Калі разважаць наогул пра беларускі тэатр, то магу сказаць толькі тое, што тэатральнае мастацтва ў нас мае глыбокія і вельмі моцныя гістарычныя карані. Чамусьці я прыводжу аналогію са стогадовым дрэвам. Час ідзе… Мяняюцца людзі, мяняецца надвор’е і мяняюцца ўмовы… А дрэва як стаяла, так і стаіць… Яно перажыло і дрывасекаў, і тых, хто хацеў гэтая дрэва перанесці на іншае месца… Але ж… Намаганнямі тых, хто гэта дрэва пасадзіў, тых, хто яго даглядае, хто любіць яго і атрымлівае асалоду ад таго, што атрымліваецца ў выніку – дрэва стаіць… Не вельмі надзейна і моцна, але стаіць… Вельмі спадзяюся, што яшчэ шмат стагоддзяў так і застанецца, і з цягам часу яно толькі ўзмацніцца і расквітнее!

А што датычыцца таго, чаго не хапае дзяржаўным тэатрам ў Беларусі, магу сказаць коратка – найперш, дастойнага фінансавання і тых асобаў, якія разумеюць важнасць і карысць тэтральнага мастацтва для людзей!

-Які лёс на Вашу думку чакае беларускі тэатр у ХХI стагоддзі?

-Хочацца толькі спадзявацца, што прыйдзе час, можа ўжо ў нашым стагоддзі, можа ў наступным,  калі тэатр у Беларусі будзе дастойна ацэнены не толькі гледачамі, але і тымі, ад каго залежыць большасць рашэнняў і ўчынкаў, якія ўплываюць на жыццяздольнасць тэатральнага мастацтва ў нашай краіне. Са свайго ж боку, мы людзі нашага тэатра, як рабілі, так і будзем рабіць сваю працу – аддана і шчыра.

            

артыст першай катэгорыі Ігар Макараў.

-Ігар, як Вы трапілі на працу ў Слонімскі драмтэатр?

-Пэўны час я працаваў акцёрам Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску. Але лёс так склаўся, што я пераехаў бліжэй да сваёй маленькай радзімы і стаў працаваць у Слонімскім драмтэатры.

-Што найбольш запомнілася за гэты час Вашай працы ў тэатры?

-Больш за ўсё мне запомнілася праца над спектаклям “Тарас на Парнасе” па п’есе Сяргея Кавалёва ў пастаноўцы галоўнага рэжысёра нашага тэатра Васіля Сяўца. Над спектаклем працавала ўся акцёрская трупа. Мне пашанцавала там сыграць цікавую ролю пана Севярына (Зеўса).

-Якія спектаклі Вы глядзелі апошнім часам ў іншых тэатрах Беларусі?

-Нядаўна паглядзеў спектакль “Паляванне на сябе” Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.

-На Вашу думку, чаго сёння не хапае дзяржаўным тэатрам Беларусі?

-Мне здаецца, нашым тэатрам сёння не хапае творчых сувязяў унутры тэатральнага прафесійнага таварыства.    

      

           

артыст другой катэгорыі Багдан Клімаў.

-Багдан, як Вы трапілі на працу ў Слонімскі драмтэатр?

-Я ў тэатр трапіў выпадкова. Аднойчы мая знаёмая, а цяпер ужо калега, паракамендавала мне звярнуцца ў тэатр на творчы прагляд. Што я і зрабіў. 

-Што найбольш запомнілася за гэты час Вашай працы ў тэатры?

-Я працую не так і шмат у тэатры, яшчэ набіраюся вопыту, вучуся тэатральнаму майстэрству ў вопытных акцёраў. Хаця светлага і цікавага шмат, калектыў і праца мне падабаюцца.

-Вашы любімыя сыграныя ролі на сцэне нашага тэатра? Чаму менавіта яны?

-Вялікіх і галоўных роляў мне рэжысёры пакуль не прапануюць, але вобразы гусара ў спектаклі “Бяда ад пяшчотнага сэрца”, коніка (кузнечика) у спектаклі “Як павука з луга пранялі”, вожыка ў спектаклі “Хто ўкраў святлафор?” мне вельмі падабаюцца. Таму цяпер радуюся любой ролі, якую мне прапануюць нашы рэжысёры. Мяркую, што самыя лепшыя і сур’ёзныя ролі ў мяне яшчэ наперадзе.

-Які лёс на Вашу думку чакае беларускі тэатр у ХХI стагоддзі?

-Тэатр у Беларусі быў, ёсць і будзе заўсёды. І тыя людзі, якія любяць і ходзяць у тэатр, застануцца. Хаця сёння беларусаў неабходна больш далучаць да тэатральнага мастацтва і культуры наогул.

      

           

артыстка першай катэгорыі Надзея Ільчанка.

-Спадарыня Надзея, як Вы трапілі на працу ў Слонімскі драмтэатр?

-Аднойчы выпадкова я ў Слоніме прачытала аб’яўку, што ў Слонімскі драмтэатр набіраюць акцёраў да 35 гадоў. Гэта быў 1993 год. Я патэлефанавала ў тэатр і мне сказалі прыйсці. Я падрыхтавала вершы і прозу і завітала ў тэатр. Зайшла на сцэну і пачала распавядаць свае творы. У зале прысутнічалі толькі два чалавекі – галоўны рэжысёр Мікалай Фёдаравіч Варвашэвіч і, што цікава, была і галоўны бухгалтар тэатра Марыя Уладзіміраўна Бірук. Пасля майго выступлення Мікалай Фёдаравіч Варвашэвіч сказаў, што не ўсё добра, але ж “вочы Вашы гараць, таму мы Вас прымаем на працу”. Так я трапіла ў тэатр. Пасля звольнілася і пяць гадоў не жыла ў Слоніме. А, калі вярнулася, то мяне зноў узялі ў тэатр, дзе працую і цяпер.

 -Што найбольш запомнілася за гэты час Вашай працы ў тэатры?

-Памятаю аднойчы паказвалі нейкі дарослы спектакль. Я там іграла далёка не галоўную ролю. У фінале спектакля, калі мы выйшлі на паклон, невядомы мужчына зайшоў на сцэну і падараваў мне вялікі букет кветак. Мне было прыемна, а ўсе калегі былі здзіўлены такім учынкам. Больш я ніколі таго мужчыну не бачыла. Гэта засталося ў памяці.

-Вашы любімыя сыграныя ролі на сцэне нашага тэатра? Чаму менавіта яны?

-Шчыра кажучы, я ўсе ролі да адной вельмі люблю. Таму што ў кожнай ролі стараюся знайсці нейкую разынку, таму мне ўсе мае сцэнічныя героі вельмі падабаюцца.

      

-Чым вы хацелі б асабіста здзівіць нашых гледачоў, якія ролі марыце сыграць?

-Мару сыграць у дзіцячым спектаклі бабу Ягу. Хаця нядаўна я была бабай Ягой у навагоднім ранішніку. Але мне хочацца сыграць бабу Ягу менавіта ў спектаклі. Праўда, я іграла розных злыдняў і кікімараў, а бабу Ягу – не. Лічу, што ўсіх герояў на сцэне трэба іграць ад душы шчыра і сумленна.

-Што Вы асабіста думаеце пра наш беларускі тэатр наогул? Якія спектаклі апошнім часам Вы глядзелі іншых тэатраў Беларусі? Чаго сёння не хапае дзяржаўным тэатрам Беларусі?

-Часцей за ўсё гляжу спектаклі тых тэатраў, якія прыязджаюць у Слонім на гастролі. Вельмі хочацца выступаць са сваімі калегамі на вялікіх сцэнах і ў вялікіх залах, а не па дзіцячых садзіках і школах. Хочацца, каб гледачы прыходзілі часцей у сапраўдныя тэатры і культурна адпачывалі. Ды і нам, акцёрам, там працавалася б значна лепш.

-Які лёс на Вашу думку чакае беларускі тэатр у ХХI стагоддзі?

-Беларускі тэатр будзе заўсёды, таму што яму няма замены. Наогул, тэатр не заменяць ні кіно, ні тэлебачанне, ні Інтэрнет, ні мабільная сувязь. Галоўнае, каб тэатр са сцэны нёс гледачам дабро, прыгажосць і радасць да жыцця.

               

артыстка дапаможнага складу Наталля Кліменка.

-Наталля, як Вы трапілі на працу ў Слонімскі драмтэатр?

-Пра тэатр я заўсёды марыла. А калі паступіла ў Магілёўскае вучылішча мастацтваў, то мне пашанцавала адразу трапіць у наш тэатр, дзе я з радасцю працую. 

-Што найбольш запомнілася за гэты час Вашай працы ў тэатры?

-У мяне было шмат цікавых выпадкаў і розных. Хаця ў тэатры я працую зусім нядаўна. Але спадзяюся, што ўсё светлае і прыемнае яшчэ наперадзе.

-Вашы любімыя сыграныя ролі на сцэне нашага тэатра? Чаму менавіта яны?

-Ой, шчыра скажу, тое, што я сыграла, мне вельмі падабаецца. Пакуль падзяліць іх на любімых і не зусім любімых я не магу. Усе ролі файныя.

-Якія ролі марыце сыграць?

-Мару сыграць Ганну Карэніну.

      

-Якія спектаклі Вы глядзелі апошнім часам ў іншых тэатрах Беларусі?

-У пастаноўцы Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра я нядаўна паглядзела спектакль “Тры прыгажуні”. Мне ён дужа спадабаўся.

           

ПРАЦЯГ БУДЗЕ...