Размер шрифта:aaa
ИзображенияВыключитьВключить
Цвет сайтаaaa
обычная версия сайта

З гісторыі тэатральнага мастацтва Слонімшчыны

Слонімскі школьны тэатр, XVIII стагоддзе

Першыя звесткі пра тэатральнае жыццё ў Слоніме адносяцца да XVIII стагоддзя, калі існаваў у 1744-1769 гадах Слонімскі школьны тэатр пры езуіцкім калегіуме. У рэпертуары тэатра пераважалі тады драмы на рэлігійныя, міфалагічныя і гістарычныя сюжэты. Паказы адбываліся пераважна на лацінскай, зрэдку на польскай мовах. Звычайна гэтыя пастаноўкі суправаджаліся алегарычным пралогам, эпілогам, харамі, інтэрмедыямі і найчасцей прымяркоўваліся да пастоў, завяршэння навучальнага года, некаторых свят. Аўтарамі пастановак былі выкладчыкі калегіума, а ў спектаклях удзельнічалі і выкладчыкі, і навучэнцы. Захаваліся звесткі пра чатыры пастаўленыя ў Слоніме п’есы: масленічная драма “Імгненне няшчаснай вечнасці” Ф.Навадворскага, дыдактычная драма”Кветка з надпісам імёнаў цароў” (абедзве 1744) “Задумы з галавы Палады” (1749), драма “Аляксей” (1769), прымеркаваная да імянін мецэната тэатра гетмана М.К.Агінскага, якая потым была выдадзена асобнай кніжкай на польскай мове.

Слонімскі тэатр Агінскага, 1771-1791 гады

Вялікая тэатральная трупа вялікага гетмана літоўскага Міхала Казіміра Агінскага ў Слоніме была заснавана каля 1771 года, а спыніла сваю дзейнасць пасля 1791 года. У тэатры Агінскага працавалі прафесійныя італьянскія, нямецкія, польскія спевакі, мясцовы беларускі хор і балет. Балетная трупа была падрыхтавана ў Слонімскай балетнай школе. Паказы суправаджала Слонімская капэла Агінскага. У 1770-1780-я гады пры тэатры існавала і музычная школа. Рэпертуар тэатра складаўся з балетаў, у тым ліку — “Каралеўскі балет”, “Балет млынароў”, “Дзікі балет” і “Дэзерцір” (апошнія два былі паказаны ў 1790-1791 гадах на гастролях у г. Дубна (Украіна), а таксама опер італьянскіх кампазітараў Дж.Паізіела, Э.Дуні, А.Грэтры, П.Мансіньі, Н.Іамелі, А.Сакіні, П.Гульельмі, К.Глюка, Дж. Таэскі і Агінскага “Зменены філосаф” (1771), “Елісейскія палі” (1788).

Паводле “Інвентара інструментаў і музычных папер”, складзеным у 1801 года збор нот твораў, што выконваліся на розных сцэнах тэатра Агінскага , уключаў 60 опер, 18 балетаў, 3 музычныя камедыі, 253 сімфоніі і больш за 460 іншых музычных твораў (араторыі, арыі, музыка для дывертысментаў, асобных танцаў і інш.). Сярод выканаўцаў дачка “мэтра ігры на клавікордзе” Д. Грабенбаўэра, Г. Давіа, П. Драздоўская, М.Лазарыні і іншыя. Філіялы Слонімскага тэатра Агінскага працавалі ў г.Седльц (Польшча) і мястэчку Целяханы (цяпер Івацэвіцкі раён).

Паміж 1777-1780 гадамі ў Слоніме быў пабудаваны “Дом оперы” (архітэктар Іначэнца Мараіна, разбураны пасля 1804 года), які меў вялікую сцэну, прыстасаваную для паказаў любых барочных спектакляў, опер і балетаў, для выхаду вялікай колькасці спевакоў і статыстаў, для тэатральных баталій коннікаў і водных феерый (частка сцэны затаплялася вадой з канала Агінскага і па ёй плавалі лодкі), для складаных перспектыў і дэкарацый, розных сцэнічных эфектаў. Тэхнічныя магчымасці сцэны дазвалялі паказаць і два фантаны, якія асвятляліся бенгальскімі агнямі (пры тэатры працаваў піратэхнік Ц.Ваксмунт). Дэкарацыі для сцэны стваралі І.Мараіна і тэатральны машыніст Жан Баі (Ян Бой).

Пры тэатры Агінскага дзейнічала і балетная школа. Спачатку сярод вучняў пераважалі дзеці прыдворных музыкантаў, а пазней балетам займаліся і дзеці прыгонных мясцовых сялян. Вучні атрымлівалі пэўную агульную адукацыю. У 1788 годзе чатыры выхаванцы выступалі нават у балеце “Рыбакі” у Варшаве. Слонімскі балет тэатра Агінскага заўсёды канкурыраваў з каралеўскім тэатрам у Варшаве. Пасля 1791 года тэатр Міхала Казіміра Агінскага ў Слоніме ўжо не існаваў.

Слонімскія драматычныя гурткі, 1941-1944 гады

Падчас нямецкай акупацыі ў Слоніме пры Беларускім Народным доме быў створаны і актыўна працаваў беларускі драматычны гурток, якім кіраваў І.Чуркін. Артысты тэатра ставілі п’есы беларускіх драматургаў, выступалі з рознымі канцэртнымі праграмамі, запрашалі да сябе беларускія калектывы з іншых гарадоў Беларусі. Летам 1942 і 1943 гадоў у Слоніме на гастролях знаходзіўся Мінскі гарадскі тэатр (кіраўнік Пётр Булгак), які на сцэне Беларускага Народнага дома паказаў некалькі спектакляў — “Каварства і каханне” Ф. Шылера, “На Антаколі” Ф. Аляхновіча і “Паўлінку” Я. Купалы. У 1943 годзе выступаў і Баранавіцкі аматарскі тэатр, які паказваў “Пана міністра” Ф.Аляхновіча.

Паэт Сяргей Новік-Пяюн пры Слонімскім краязнаўчым музеі вясной 1942 года таксама стварыў маладзёжны драматычны гурток. Артысты паставілі спектаклі “Мікітаў лапаць” па п’есе Міхася Чарота, “На вёсцы”, “Дзядзька Якуб”, “Чорт і баба” Фрацішка Аляхновіча і іншыя.

Слонімскі народны тэатр, 1948-1990 гады

У адзін з лістападаўскіх дзён 1948 года афішы Слоніма паведамілі аб першым спектаклі “Шляхі-дарогі” па п’есе А.Фёдарава толькі што створанага пры раённым Доме культуры тэатральнага калектыву. Кіраўніком калектыву быў тады дэмабілізаваны з арміі 27-гадовы франтавік Аляксандр Бялоў (1921-1985). У Слоніме Аляксандр Бялоў жыў да 1956 года. А пасля пераехаў у Мінск і працаваў акцёрам у Дзяржаўным рускім драматычным тэатры Беларусі. У 1977 годзе яму прысвоілі званне заслужанага артыста Беларусі. Як удзельнік Слонімскага драматычнага гуртка ў 1951 годзе ён быў адзначаны на Рэспубліканскім аглядзе сельскай самадзейнасці за выкананне роляў Курачкіна ў спектаклі “Вяселле з пасагам” па п’есе М.Дзяканава і Швандзі ў спектаклі “Любоў Яравая” па п’есе К.Трэнёва.

У 1948 годзе ў Слонім прыехаў і вопытны рэжысёр Міхаіл Фрыдман (1894-1975), які скончыў маскоўскую тэатральную студыю “Свабоднае мастацтва” у 1928 годзе і вандраваў з яўрэйскай акцёрскай трупай па Украіне і Беларусі. Тады ў 1948 годзе драмгурток атрымаў ад слонімцаў першыя апладысменты. Спектакль меў поспех. Яго паказвалі 32 разы. Ён і замацаваў веру артыстаў і рэжысёра ў свае сілы. Пачалася сур’ёзная, мэтанакіраваная работа на сцэне, якая не спынялася дзесяцігоддзямі. З 1959 года драмгурток атрымаў званне народнага.

У Слоніме Міхал Фрыдман ажыццявіў пастаноўкі дзесяткі спектакляў, сярод іх былі і лепшыя – “Перабежчык” А.і П.Тураў, “Сын” К.Турава, “Я хачу дамоў” А.Тур, “Выгнанне блудніцы” І.Шамякіна, “Вяселле з пасагам” М.Дзяканава, “Любоў Яравая” К.Транёва, “У добры час” В.Розава, “Кухарка замужам” А.Сафронава, “Жаніцьба Бялугіна” А.Астроўскага, “Апошнія” М.Горкага, “Нячыстая сіла” Г.Стафанскага, “У бэзавым садзе” Ц.Саладара.

У пачатку лютага 1964 года спектакль “Апошнія” па п’есе Максіма Горкага слонімскія артысты прывязлі ў Мінск. Прэм’ера адбылася ў сталіцы ў Рэспубліканскім тэатры юнага гледача. Паглядзець спектакль прыйшлі старэйшыя майстры беларускай сцэны — Ларыса Александроўская, Канстанцін Саннікаў, Вера Пола, Сцяпан Бірыла і іншыя. Зала тэатра была перапоўнена. Перад пачаткам спектакля перад гледачамі выступіла народная артыстка СССР Ларыса Александроўская, якая шчыра павітала артыстаў са Слоніма, а таксама сказала, што ў спектаклі ролю Соф’і іграе народная артыстка Беларусі Вольга Галіна.

За спектакль “Апошнія” калектыў Слонімскага народнага тэатра і яго рэжысёр Міхаіл Фрыдман, а таксама артыстка Вольга Галіна, атрымалі падзяку ад Міністэрства культуры БССР.

У 1968 годзе Слонімскі народны тэатр узначаліў рэжысёр Мікалай Варвашэвіч (1934-2001). Гэты чалавек аддаў усе свае сілы, веды, натхненне і жыццё тэатру ў Слоніме. Пры ім народны тэатр у горадзе над Шчарай стаў неад’емнай часткай культурнага жыцця Слонімшчыны. У рэпертуары тэатра сталі з’яўляцца п’есы класікаў беларускай і рускай драматургіі: А.Астроўскага, М.Горкага, Б.Лаўранёва, К.Транёва, В.Розава, Я.Купалы, У.Галубка, В.Дуніна-Марцінкевіча, К.Крапівы, А.Макаёнка і г. д. Калектыў Слонімскага народнага тэатра ў 1975-1977 гадах стаў лаўрэатам Першага Усесаюзнага фестывалю самадзейнай мастацкай творчасці працоўных. На базе тэатра быў створаны Слонімскі драматычны тэатр.

Слонімскі драматычны тэатр

1 студзеня 1990 года ў Слоніме пачаў дзейнічаць дзяржаўны драматычны тэатр, дырэктарам і рэжысёрам у адной асобе стаў заслужаны дзеяч культуры Беларусі Мікалай Варвашэвіч (1934-2001). М.Варвашэвіч узначальваў тэатр да 2000 года. З 2000 да 2003 гг. галоўным рэжысёрам тэатра быў Віктар Бутакоў, з 2003 да 2008 гг. — Віктар Небальсін, а з 2008 па сённяшні дзень — Васіль Сявец.

За гэты час калектыў тэатра ажыццявіў каля 100 пастановак для дарослых і юных гледачоў. У рэпертуары тэатра пераважаюць спектаклі камедыйнага жанру, пастаўленыя ў традыцыях беларускага народнага тэатра: “Прымакі” Я.Купалы, “Не забыцца і паспець на сябе хамут адзець” Л.Родзевіча, “Лекі ад кахання” і “Каханне з падманам” У.Галубка”, “Трыбунал” А.Макаёнка. Ставяцца п’есы сучасных беларускіх драматургаў: “Сабака з залатым зубам” У.Сауліча, “Жаніх па перапісцы” А.Федарэнкі, “Чужыя грошы” У.Бутрамеева, “Чарнакніжкік” С.Кавалёва, “Спакуса” А.Якімовіча, “Не пакідай мяне” А.Дударава. Значнае месца ў рэпертуары тэатра займаюць п’есы класічнай і сучаснай рускай і замежнай драматургіі: “Жаніцьба Бальзамінава” і “На бойкім месцы” А.Астроўскага, “Сямейны партрэт з чужым” С.Лабазёрава, “Гаспадыня гасцініцы” К.Гальдоні, “Непаразуменне” А.Камю, “Жарты Парыжа” К.Манье, “Каханне ў стылі барока” Я.Стэльмаха, “Маю жонку завуць Марыс” Р.Шара, “Свабодны шлюб” Д.Фо, “Курыца” М.Каляды, “Самазабойца” М.Эрдмана і іншыя. Тэатр шмат ставіць спектакляў на рускай і беларускай мовах для юных гледачоў і гастралюе з імі па Беларусі: “Дзень нараджэння” Н.Абрамцавай, “Залатое кураня”У.Арлова, “Новы калабок” П.Васючэнкі, “Мяфа” Н.Палешчанковай, “Малыш і Карлсан” К.Папова, “Зялёны атрад” В.Валжаніна, “Жыла-была Сыраежка” В.Зіміна, “Аднойчы гарачым-гарачым летам” В.Ткачова, “Дзень нараджэння ката Леапольда” А.Хайта, “Чарадзейнае люстэрка” І.Чаркашына і іншыя. У асноўным калектыў тэатра абслугоўвае раённыя цэнтры і жыхароў вёсак у Гродзенскай, Брэсцкай і Мінскай абласцях. На сённяшні дзень у рэпертуары тэатра значацца 18 спектакляў для дзяцей і 15 пастановак для дарослых.

У 2001 годзе тэатр прымаў удзел у фестывалі нацыянальнай драматургіі ў Бабруйску. А на Другім рэспубліканскім фестывалі творчай тэатральнай моладзі ”Надзея-2001” роля Чорта ў выкананні артысткі тэатра Ірыны Яцук у спектаклі “Камедыя” па п’есе У.Рудава ў пастаноўцы рэжысёра В.Небальсіна была прызнана лепшай жаночай роллю. Артыстка атрымала дыплом і прэмію. У 2007 годзе артыстка Ірына Яцук прызнана лепшай артысткай Гродзенскай вобласці. Ёй была ўручана прэмія імя Аляксандра Дубко Гродзенскага аблвыканкама.