Размер шрифта:aaa
ИзображенияВыключитьВключить
Цвет сайтаaaa
обычная версия сайта
Навiны
09.10.2019
10 кастрычніка Мікалаю Варвашэвічу споўнілася б 85

Мікалай Фёдаравіч Варвашэвіч нарадзіўся 10 кастрычніка 1934 года ў вёсцы Раздзялавічы Хатыніцкай гміны Лунінецкага павета Палескага ваяводства (цяпер у Ганцавіцкім раёне Брэсцкай вобласці). Бацькоў сваіх Мікалай Варвашэвіч не памятаў, іх знішчылі немцы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Сіроцкі лёс закінуў яго спачатку ў Целяханскі дзіцячы дом, а затым да цёткі ў Ленінград.

У 1957 годзе Мікалай Варвашэвіч паступіў у Ленінградскі інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі. Ён любіў успамінаць гады вучобы, сваіх аднакурснікаў і выкладчыкаў. Пасля заканчэння інстытута маладога рэжысёра накіравалі на працу ў Калінінскі абласны тэатр.

З 1964 года Мікалай Фёдаравіч працаваў дырэктарам Дома культуры ў г. Слоніме. Адначасова – рэжысёр народнага тэатра. З 1967 года – дырэктар і рэжысёр Слонімскага народнага тэатра. Сваю творчую кар’еру малады рэжысёр вырашыў пачаць з “Паўлінкі” Я. Купалы, прэм’ера адбылася 12 снежня 1968 года. Галоўную ролю іграла Святлана Міхайлаўна Варвашэвіч.

Сярод лепшых пастановак М. Варвашэвіча: «На бойкім месцы» А. Астроўскага (1967), «Васа Жалязнова» М. Горкага (1973). Вялікую ўвагу рэжысёр надаваў фарміраванню беларускага рэпертуара.

 У 1986 годзе Мікалай Фёдаравіч зноў вярнуўся да купалаўскай “Паўлінкі”, шэсць першых прадстаўленняў адбыліся ў Слоніме, а сёмае – у Мінску. Мікалай Фёдаравіч быў фанатам сваёй справы, вельмі патрабавальным. Тэатр заўсёды ў яго стаяў на першым месцы. Для афармлення некаторых спектакляў М. Ф. Варвашэвіч запрашаў галоўнага мастака тэатра імя Янкі Купалы Б. Ф. Герлавана, трымаў сувязь з вядомымі рэжысёрамі, чытаў лекцыі па рэжысуры ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. У спектаклях была жывая музыка ў выкананні самадзейнага аркестра народных інструментаў. Калектыў тэатра быў дружны і творчы. Шмат выступалі не толькі на Слонімшчыне, але па Беларусі і за яе межамі. Удзельнічалі ва Усесаюзным фестывалі народных тэатраў “Рампа дружбы–76”. Беларускаму рэжысёру было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны работнік культуры БССР” (1975).

Слонімскі народны тэатр у 1987 годзе быў пераўтвораны ў першы ў Беларусі эксперыментальны тэатр-студыю на поўным гаспадарчым разліку. 1 снежня 1990 года на яго базе па ініцыятыве М. В. Варвашэвіча створаны дзяржаўны Слонімскі беларускі драматычны тэатр (цяпер Слонімскі драматычны тэатр).

У 1990–1997 гадах, калі быў галоўным рэжысёрам нашага тэатра, М. В. Варвашэвіч паставіў спектаклі: «Прынцэса і салдат» У. Ягоўдзіка (1991), «Лекі ад кахання» (1992) і «Каханне з падманам» (1995) паводле У. Галубка, «Сабака з залатым зубам» У. Сауліча, «Прымакі» Я. Купалы (абодва 1993), «Хітрыкі бабы Ягі» А. Якімовіча і «Чырвоная Шапачка» Я. Шварца (абодва 1994), «Драўляны рыцар» С. Кавалёва (1996), «Гаспадыня гасцініцы» К. Гальдоні (1999), «Зімняя казка» Г. Лабаніна (2000) і многія іншыя.

Летам 2000 года Мікалай Фёдаравіч Варвашэвіч звольніўся з тэатра па стану здароўя. А 1 лістапада 2001 года яго не стала. Пахавалі Мікалая Варвашэвіча ў г. Свіслачы на радзіме ягонай жонкі.

  Версія для друку
06.09.2019
Гастролі Новага драматычнага тэатра з Мінска
27.08.2019
Бірулька з выяваю нашага тэатра
17.07.2019
Завяршаецца 29-ы тэатральны сезон
30.06.2019
Паштовая марка з выяваю нашага тэатра
28.06.2019
Смуткуем...(
17.06.2019
У нас прэм’ера – “Нязваны госць”
14.06.2019
Гродзенскi тэатр завiтае на нашу сцэну...
10.06.2019
Тэатр пабывае ў аздараўленчых дзіцячых лагерах
21.05.2019
Рыхтуюцца новыя спектаклі
30.04.2019
Трохдзённыя гастролі ў Гродне
16.04.2019
У нашым тэатры адкрылася фотазона
14.04.2019
Абласны фестываль “Слонімскія цудадзействы”
04.04.2019
“Слонімскія цудадзействы”
28.03.2019
Спектакль “Мымраня” атрымаў грамату і падзякі
Страницы