У суботу, 21 траўня, Мінскі тэатр-студыя Кінаакцёра УП “Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” ажыццявіў аднадзённыя гастролі ў Слонім. На сцэне нашага драматычнага тэатра мінскія артысты паказалі два спектаклі.
Юныя гледачы з вялікай радасцю паглядзелі музычны спектакль па матывах казкі англійскага класіка Льюіса Кэрала “Аліса ў Зазеркаллі”. А дарослыя наведалі тэатр і паглядзелі пастаноўку Міраслава Мітровіча “Абрабаванне ў поўнач”. Гэта вясёлая, займальная камедыя з жыцця гандлёвых работнікаў, з прыгодамі, з любоўнымі гісторыямі і абрабаваннем, вельмі спадабалася слонімскім гледачам.
Наогул, на двух спектаклях артыстаў Мінскага тэатра-студыі Кінаакцёра быў аншлаг. Тэатр у Слонім ажыццявіў гастролі ўпершыню. Акрамя выступлення на слонімскай сцэне, мінскія артысты пазнаёміліся са старажытным горадам над Шчарай і пабывалі ў Жыровічах.




